Палацавы комплекс Сапегаў у Ружанах– адна з найбуйнейшых у Беларусі магнацкіх рэзідэнцый – быў пабудаваны прыкладна ў канцы XVI стагоддзя.Першапачаткова палац меў абарончы характар. У яго цэнтральнай частцы знаходзіліся парадная зала і вестыбюль, у бакавых – жылыя пакоі і бібліятэка. Пад будынкам у вялізных падвалах захоўваліся арсенал і архіў. Існуе версія, што падземны ход злучаў палац з царквой у Сынкавічах і палацам у Косава. Вядома, што ў 1617 годзе канцлер ВКЛ Леў Сапега прымаў у Ружанах каралевіча Уладзіслава.

– Падчас шматгадовых войнаў палац быў моцна разбураны, потым зноў адноўлены, – не хаваючы сваёй павагі да гістарычнага месца, распавядае намеснік старшыні Пружанскага райвыканкама Мікалай Кудравец. – У канцы XVIII стагоддзя рэзідэнцыя кардынальна памяняла сваё аблічча. Па запрашэнні Аляксандра Сапегі ў Ружанах працаваў вядомы архітэктар Ян Самуэль Бэкер. Па яго праекце палац быў перабудаваны з крыжападобнага ў сіметрычны. У палацы зноў была размешчана знакамітая бібліятэка Сапегаў.

Палацавы комплекс утваралі некалькі згрупаваных вакол параднага двара карпусоў. Ва ўсходняй частцы – тэатр і манеж. Тэатр меў глыбокую сцэну з сямю планамі куліс, што давала магчымасць тройчы змяняць афармленне падчас спектакля. Маёнтак Сапегаў славіўся адным з найбуйнейшых у Вялікім княстве Літоўскім тэатраў: у ім было 60 артыстаў і танцоўшчыкаў, 40 музыкантаў. Балеты і музычныя камедыі, якія разыгрывалі прыгонныя артысты, заслугоўвалі ўвагі найвышэйшай шляхты ВКЛ.

У заходнім корпусе рэзідэнцыі знаходзілася карцінная галерэя. Госці Сапегаў захапляліся раскошнай калекцыяй. Радавалі позірк вяльможаў і парк, сад, дзіўнай прыгажосці аранжарэя.

Паралельна рэзідэнцыі была пабудавана ўязная брама з двухпавярховымі флігелямі па баках. Велічная, накшталт трыумфальнай аркі, яна была ўпрыгожана разьбянымі геральдычнымі картушамі.

– Гэтыя ўпрыгажэнні – тое нешматлікае, што захавалася да нашых дзён у старадаўнім комплексе, іх і сёння можна пабачыць у музеі, – адзначае Мікалай Пятровіч.

Пасля трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай у 1795 годзе Ружаны сталі часткай Расійскай імперыі. У палацавы комплекс «засяліліся» суконная і ткацкая фабрыкі. У 1831 годзе за падтрымку вызваленчага паўстання Расія канфіскавала палац у Сапегаў і перадала ў казну. Менавіта ў гэты час былі перавезены ў Маскву архіў і ўнікальная бібліятэка. Падчас Першай сусветнай вайны палацавы комплекс у Ружанах быў моцна пашкоджаны. Усё, што засталося пасля Другой сусветнай вайны, – галоўны і ўсходні карпусы, уязная брама і флігелі.

Амаль два стагоддзі цярпліва чакаў увагі да сябе велічны комплекс. У 2008 годзе па ініцыятыве раённых улад у ім пачаліся аднаўленчыя работы. За кошт мясцовага і абласнога бюджэтаў, а таксама сродкаў Нацыянальнага банка завершаны ўязная брама, усходні флігель, дзе ўжо адкрыўся музей і працуе выставачная зала. Заходні флігель адрэстаўрыруюць у гэтым годзе. Абмяркоўваецца пытанне рэканструкцыі ўсходняга корпуса палаца, дзе некалі былі тэатр і манеж.

Па спецыяльнаму заказу
Здаецца, размаўляць пра палацавы комплекс Сапегаў з Ігарам Мазалевічам можна доўга. Дызайнер добра ведае мінулае будынкаў, з цікавасцю глядзіць на іх будучыню. Яно і зразумела – на працягу двух гадоў ён вызначаў асноўны накірунак работ па стварэнні інтэр’ераў уязной брамы і ўсходняга флігеля. Здзіўляе іншае: па некалькі разоў на месяц Ігар ездзіць у Брэсцкую вобласць з… Гродна. Як так здарылася, што менавіта гродзенскі мастак выйграў тэндэр?

– Прапановы Ігара Мазалевіча наконт рэстаўрацыі брамы і флігеля былі найбольш дакладнымі, – тлумачыць дырэктар музея «Ружанскі палацавы комплекс Сапегаў» Руслан Кніга. Разам з ім і нашым земляком аглядаем невялікія залы музея. Раней тут жыла прыслуга, зараз – імітацыя княжацкіх пакояў (рэстаўрацыя палаца пакуль не ўяўляецца магчымай).

– Неабходнасць сумясціць несумяшчальнае прывяла да нестандартнага рашэння, – зазначае Ігар Мазалевіч, паказваючы на масіўную драўляную столь і вытанчаную каваную люстру. – Увогуле сапраўдных рэчаў у Беларусі пакуль няшмат. Таму ўсё набліжалі да эпохі. Шторы, шафы, крэслы выкананыя па спецзаказу.
Галоўны экспанат – макет палаца перыяду XVIII стагоддзя – таксама прыблізная копія. Але ад таго не менш прывабная. Няўжо сапраўды такой прыгожай была рэзідэнцыя Сапегаў?

– Так, не пашкадаваў час і людзі палацавы комплекс, – сур’ёзна адзначае Ігар і з усмешкай дадае: – Ведаеце, мы, напэўна, былі першымі, хто затрымаўся тут на ноч з часоў Першай сусветнай вайны.

Як і кожны гістарычны аб’ект, палацавы комплекс Сапегаў захоўвае свае таямніцы, легенды. Паводле адной з іх, гадоў трыццаць таму ў левай сцяне брамы ўжо быў знойдзены скарб, які вывезлі ноччу на чорнай машыне ў невядомым кірунку, паводле іншай – ён так і не адкрыўся нікому. Дызайнер з Гродна марыць стварыць сваю «скарбніцу».

– Калі пачалі рэстаўрацыю варот, драўляны герб з іх распаўся на кавалкі. Зараз яго асобныя часткі захоўваюцца ў розных шафах. А было б вельмі добра адразу на ўваходзе зрабіць у зямлі вялізную нішу і пад тоўстым шклом, як быццам мазаіку, скласці ў ёй герб некалі вялікага роду.

З кніжнай шафы Сапегаў
Не так даўно культурная грамадскасць Беларусі адзначыла важную падзею – у свет выйшла электроннае выданне «Кнігазбор роду Сапегаў» («Книжное собрание рода Сапегов»). З гэтай нагоды на тэрыторыі Ружанскага палацавага комплексу прайшло свята «Ружанская брама».

Прадстаўнікі магутнага магнацкага роду, цесна звязанага з гісторыяй нашай краіны, ведалі толк у кнігах. Багатыя кніжныя калекцыі (зборнікі па юрыспрудэнцыі, гісторыі, паэзіі, мовазнаўстве, геаграфіі і геалогіі) былі ва ўсіх рэзідэнцыях Сапегаў. Час па-рознаму абышоўся з гэтай спадчынай. Так, да прыкладу, сямейная бібліятэка, сабраная канцлерам Вялікага княства Літоўскага Львом Сапегам і яго сынамі ў Ружанах, знаходзіцца ў Віленскім універсітэце. У фондзе Расійскай нацыянальнай бібліятэкі ў Санкт-Пецярбургу захоўваецца «Кнігазбор» Сапегаў з мястэчка Кодзень (цяпер Польшча).

Першымі мэтай прасачыць лёс айчынных рарытэтаў у 2008 годзе задалі-ся супрацоўнікі Брэсцкай абласной бібліятэкі імя Горкага. Вынікам працы даследчыкаў стаў зборнік дакладаў «Берасцейскі кнігазбор». Новае дасягненне – кампакт-дыск «Кнігазбор роду Сапегаў» – пабачыў свет дзякуючы сумесным намаганням Нацыянальнай бібліятэкі Рэспублікі Беларусь, Расій-скай нацыянальнай бібліятэкі і Брэсцкай абласной бібліятэкі.

Здаецца, невялічкі дыск, а столькі цікавага! Дзякуючы яму можна здзейсніць віртуальнае падарожжа па сапегаўскіх кабінетах, раскрыць кнігі са старадаўніх шаф. Увазе гледачоў прапанаваны каталог з 250 тамоў, а некаторыя з іх можна нават пачытаць (тэкставыя копіі найбольш каштоўных выданняў прадставіла Расійская нацыянальная бібліятэка). На дыску таксама сабраны матэрыялы па генеалогіі роду Сапегаў.

Кампакт-дыск ствараўся пры фінансавай падтрымцы Бюро ЮНЕСКА ў Маскве ў рамках міжнароднага праекта «Віртуальная рэканструкцыя бібліятэкі роду Сапегаў».

Ведаюць, але не ўсе
Першыя пісьмовыя згадкі аб Ружанах з’яўляюцца ў 1490 г. У 1598 годзе Барташ Брухальскі прадаў сядзібу Ружаны канцлеру Вялікага княства Літоўскага Льву Сапегу, які зрабіў мястэчка асноўнай сваёй рэзідэнцыяй.

Леў Сапега з усіх прадстаўнікоў рода Сапегаў пакінуў найбольш значны след у гісторыі. У 33 гады ён заняў пасаду канцлера Вялікага княства Літоўскага. Узначальваў камісію па стварэнні Статута ВКЛ 1588 года, які фактычна з’яўляўся дзяржаўнай канстытуцыяй і існаваў у Беларусі да 1840 года.

http://www.grodnonews.by